Заўсёды з намі Колас і Купала
--- гучыць мелодыя беларускай народнай музыкі
( дэманстрацыя слайдаў, відэаролікаў з выявамі беларускай прыроды )
--- выходзяць вядучыя
1 вядучы: Ёсць людзі, якія прыходзяць на Зямлю як пасланцы нябёсаў і пакідаюць зорны след у вечнасці. Гэтыя людзі адзначаны Богам…
2 вядучы: З’яўленне на Зямлі ў адзін, 1882, год двух паэтаў — гэта Божы дар беларускаму люду.
Янка Купала і Якуб Колас — выразнікі дум беларусаў, яны — вочы, вусны, словы простага чалавека.Іх творы, ян народныя, перадаваліся з вуснаў у вусны і былі настолькі зразумелыя, што кожны мог лічыць іх сваімі, расказанымі ад свайго імя.
( слайд: фотаздымкі паэтаў )
1 вядучы: Ужо больш за стагоддзе людзі захапляюцца чысцінёй, мілагучнасцю і непаўторнасцю паэзіі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Час не мае ўлады над іх творчасцю.
1 чытальнік: Мы павінны ведаць:
Песня загучала.
Жыў на свеце Колас,
Жыў Янка Купала.
Гонар яны мелі,
Нашы беды зналі.
Песні-сказы пелі,
Волю шанавалі.
І цяпер па свеце
Думы іх лунаюць
На ўсёй планеце
Іх імёны знаюць.
Шануй іх імёны,
Беларус сучасны,
У краіне нашай —
Беларусі шчаснай.
Жыў на свеце Колас,
Жыў Янка Купала.
Чуеш ты іх голас?
Песня загучала!.
--- Гучыць мелодыя беларускай народнай песні “Купалінка” ( запіс ці танец
На сцэну выходзяць хлопцы і дзяўчаты, нясуць кола, кладуць сімвалічнае вогнішча, пераскокваюць цераз яго , дзяўчаты плятуць вянкі, водзяць карагоды
( дэманстрацыя слайда “Купалле”)
2 чытальнік : чытае верш ( музыка ціха )
Ах, якая над Гайнай купальская ноч!
Самы раз бы шукаць кветку-папараць
Самы раз уплятаць летуценні ў вянок
Самы раз белы корань выкопваць!
Раскладайце, паліце Купалля агні!
Не затым, каб ускрэсла мінуўшчына
А каб лепей убачыць наступныя дні
Да вытокаў душы дакрануўшыся
( Ніл Гілевіч )
( слайд з выявамі мясцін, дзе нарадзіўся Я. Купала )
1 вядучы: Нарадзіўся Янка Купала — Іван Дамінікавіч Луцэвіч — у ноч на Купалле 25 чэрвеня ( па новым стылі — 7 ліпеня ) 1882 года ў фальварку Вязынка. “ Тут прыгожа і міжволі пачынаеш разумець, што толькі на гэтай зямлі мог нарадзіцца чалавек з прыгожай душой” — пісаў У.Караткевіч
( слад: хата, у якой нарадзіўся Янка Купала )
2 вядучы: Вось тут, у хатцы простай, як сляза
І нарадзіўся некалі Купала.
Ён нарадзіўся, каб пасля сказаць,
Што Беларусь у свеце не прапала.
-- гучыць мелодыя беларускай народнай песні ( з казкі Я.Коласа “Ноч, калі папараць цвіце…”
1 вядучы:У тую самую ноч, калі зацвітае папараць, пазбіраліся на сход чараўнікі розных гатункаў. Яны вялі гаворку пра Юнака. Усім спадабалася тое, што юнак даў сабе імя ночы, калі зацвітае папараць. І цяпер яны думалі, які падарунак зрабіць Юнаку.
Русалкі: Мы навучым яго спяваць прыгожыя песні, бо песні ва ўсіх выпадках жыцця патрэбны чалавеку. Ён створыць ”Адвечную песню”.
Дамавік: Я падарую яму “Жалейку” і навучу Юнака граць так, каб тутэйшыя людзі зачароўваліся ігрою і прыходзілі да свядомасці, чаму так сталася, што яны не гаспадары ў сваёй хаце.
Вадзянік: А я дам яму гуслі. Няхай апявае былую славу свайго народа і закідае ў сэрца яго імкненне заняць пачэснае месца між славянамі.
Месячык: А я пайду з ім “Шляхам жыцця” і буду асвятляць дарогу, каб хутчэй і лягчэй яму прабіцца.Ён убачыць “Раскіданае гняздо” свае айчыны і раскажа пра яго людзям. Калі ён прыстане ў дарозе, я пакладу яго спаць на высокім кургане і навею яму чароўны “Сон на кургане”. У дарозе ён спаткаецца з мілаю “Паўлінкаю” і расказам па яе людзей павесяліць.
Ваўкалак : ( панура ): Я занясу на край свету яго песні і думкі. Я дам яму совы гневу і абурэння,каб молатам білі яны па струнах сэрца таго, хто прадае сваю айчыну.
Старшыня: Я авею яго песні шумам бароў.Я дам яму гарт і цвёрдасць граба, каб да канца Юнак быў верным свайму народу.І ён пакіне вялікую “Спадчыну”. Давайце ж панясём яму свае падарункі.
1 вядучы: Гадаваўся Янка хлопчыкам дапытлівым і ўражлівым, ахвочым да навукі.Кожны дзень адкрываў хлопчыку новыя тайны і так хацелася хутчэй спасцігнуць іх!
---- інсцэніроўка ўрыўка з п’есы “Шчасце паэта” В. Віткі
--- на фоне мелодыі песні “Явар і каліна” словы Я.Купалы,
музыка Юрыя Семянякі
Вогнішча. Сядзяць Дамінік Луцэвіч і падлетак Ян. Бацька расказвае казку. Сын слухае.Песня заціхае.
Янка: А што пушча?
Бацька: А пушча і кажа— ідзі, знойдзеш кветку, — тваё шчасце. І чалавек стаў шукаць.Шукаў , дзеткі, шукаў….. і ў цёмнай пушчы…
Янка: Загінуў?
Бацька: О, ты, дзетка, не знаеш пушчы. Яна нагоніць на чалавека такія страхоцці, што калі хто і знойдзе, дык пакіне і ўцячэ.
Янка: А калі не ўцячэ, не пабаіцца?
Бацька: Што ты — не пабаіцца?Не адно сэрца скаланецца і сёння. Гэта ж толькі раз на год такая ноч бывае.
Янка: А якім цветам яна расцвітае, тата?
Бацька: Каб жа я знаў, дзетка. Хто кажа, як мак, а зто кажа — блішчыць, як малюсенькі агеньчык.
Янка: А хто будзе шчаслівы— толькі той, хто знойдзе, ці ўсе людзі?
Бацька: Ам, Яначка, — шчаслівы не хоча думаць пра няшчасных. Гэта калі б хто з простых, бедных людзей знайшоў, можа, ён і пра нас не забыўся б.
Янка: Тату, а ты сам верыш, што ёсць шчасце?
Бацька: Без веры, сынку, нельга жыць.
Янка: А ты шукаў яго, тата?
Бацька: Я ўсё жыццё шукаю…
--- песня ўзмацняецца. Янка падымаецца, напружана ўглядаецца ў цемру і імкнецца ўперад
Бацька: Куды ты, Яначка?
Янка: Шукаць шчасця…
2 вядучы: Свой псеўданім Янка Купала выбраў невыпадкова. Гэтым прозвішчам ён падкрэсліў імкненне сваёй дзейнасцю дапамагчы знайсці папараць-кветку, кветку шчасця абяздоленаму беларускаму люду.
1 вядучы: А ён падрастаў, беларускі хлапчук,
З прачулай, гарачай душою,
І ўсё , што пабачыў, усё, што пачуў,
У сэрца ўбіраў маладое.
2 вядучы: Сястра Янкі Купалы Леакадзія Дамінікаўна Раманоўская, успамінала: “Ясь не меў часу чытаць удзень, бо трэба было працаваць па гаспадарцы.Чытаў увечары і ўночы. Чытаў пры лямпе, пры лучыне, на начлезе пры вогнішчы. Кніжцы ён аддаваў кожную вольную хвіліну. Што б ні рабіў, заўсёды пры сабе меў кніжку.
Інсцэніроўка. На сцэну выходзіць Янка Купала ( пінджак, вышытая кашуля, у руках — кніга, садзіцца, чытае на памяць:
( вядучыя застаюцца на месцы )
Я.Купала: Мне мудрасці кніжнай не даў Бог пазнаці;
Мой бацька не мог даць раскошаў такіх—
Навучыўся я слоў беларускіх ад маці
І дум беларускіх без школы і кніг
( застаецца сядзець на месцы, задумаўшыся, потым пачынае нешта пісаць)
1 вядучы: Такім і быў ён, задуменны
Даступны і негаваркі ;
Увайшоў у дом, у круг сямейны,
Як уваходзяць сваякі.
2 вядучы: Народныя песні будзілі душу—
Тужлівыя, быццам шум бору….
І сталі з дзяцінства знаёмы яму
Людская нядоля і гора.
У сэрцы гарачым успыхнуў агонь,
Цудоўная ліра зайграла:
Аб цяжкім уціску народа свайго
Узняў гнеўны голас Купала.
1 вядучы: Пісаць вершы Янка Купала пачаў ужо дарослым чалавекам. Пісаў усюды.
Інсцэніроўка працягваецца. На сцэну выходзяць дзве жанчыны, шэпчуцца, а потым услых:
1. жанчына: Чулі, Луцэўчык вершы піша?
2 жанчына: Відаць, панам будзе.
1 жанчына: Адно яго чакае — астрог.Шкада Луцэвічыху. Бедная ўдава
(--- усе ціха ідуць са сцэны )
2 вядучы: Пра што б ні пісаў Янка Купала, яго слова заўсёды было звернута да народа, да тых,”хто церпіць без віны”, але мае свой гонар, імкнецца да свабоды і святла, ідзе змагацца за свае чалавечыя правы.
--- вершы
“За ўсё”
“ З кутка жаданняў”
1 вядучы: Паэт упэўнены, што Беларусь зойме пачэснае месца сярод народаў свету, пакажа сваю самабытнасць, годнасць, высокую духоўную культуру, таму Янка Купала стварыў цэлую галерэю высокамастацкіх твораў
---- інсцэніроўка
“Вечарынка ў калгасе”
2 вядучы: Многія вершы Янкі Купалы пакладзены на музыку, а творчасць сусветна вядомага ансамбля “Песняры”, заснаваная на паэзіі Янкі Купалы, склала адну з самых яркіх, цікавых з’яў нацыянальнай айчыннай культуры.
---- выконваюцца песні
1. вядучы:1912 год. Менавіта тады ўпершыню Янка Купала сустрэўся з Якубам Коласам.
2.вядучы:Іх многае збліжала: амаль адначасова яны прыйшлі ў літаратуру, на працягу многіх гадоў тварылі і сябравалі, былі дарадчыкамі і крытыкамі адзін аднаму.Жыццёвыя шляхі гэтых выдатных пісьменнікаў таксама блізкія.
--- гучыць мелодыя “Мой родны кут”
!!! вядучыя змяняюцца
--- слайды : радзіма Якуба Коласа
3. вядучы: Непаўторныя і цудоўныя краявіды: Ласток, Нёман, засценак Акінчыцы
4.вядучы: Сядзіба Альбуць, урочышча Смольня , вёска Мікалаеўшчына. Жыццё на ўлонні прыроды зацепліла ва ўражлівым сэрцы хлопчыка паэтычны агонь
--інсцэніроўка з паэмы “Сымон-музыка”
3. вядучы:Дзіцячыя гады Якуба Коласа прайшлі ў Вандроўках. Бацьку паэта, які служыў лясніком у князя Радзівіла, часта пераводзілі з месца на месца, але гэта не перашкодзіла атрымаць Якубу Коласу адукацыю.Першым настаўнікам Якуба Коласа быў хлапчук Яська з суседняй вёскі. Аб гэтым адрэзку часу паэт расказвае ў аўтабіяграфічнай паэме “Новая зямля”
---інсцэніроўка ўрыўка з раздзела “Дарэктар”
4. вядучы: Будучаму паэту было толькі 12 гадоў, калі ён ад бацькі атрымаў свой першы ганарар: сярэбраны рубель за верш “Вясна”
І зіма, як дым прапала!
Зелянее луг, ралля
Як ад болю ачуняла
Наша родная зямля.
3. вядучы: Колас — гэта хлеб, гэта само жыццё, гэта значыць, што жыццём сваім і творчасцю паэт заўсёды будзе трывала спалучаны з народам, з роднай зямлёй.
4. вядучы:Коласавы песні працы і нядолі, жальбы і пратэсту абуджалі ў беларусаў пачуццё ўласнай годнасці, клікалі не згаджацца з наканаваннем зла, хлусні, несправядлівасці.
Вершы “ Родныя вобразы”
“Не бядуй”
3.вядучы: Якуб Колас вельмі любіў прыроду. Ніхто да яго не змог так тонка і глыбока ўвасобіць яе прыгажосць, раскрыць духоўную еднасць прыроды і чалавека.
--- урыўкі-сцэны з твораў Я.Коласа :
“На рэчцы”
“Над Нёманам” ( музыка “Ой, Нёман,…)
4.вядучы: Шматгранны талент пісьменніка: паэт, празаік, драматург, публіцыст, вучоны, педагог-практык.Яго творы — праўдзівае адлюстраванне жыцця.
Інсцэніроўка твора “Казкі”
3.вядучы: Паэмы “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, трылогія “На ростанях” складаюць залаты фонд нашай літаратуры.
4. вядучы:Якуб Колас — адзін з пачынальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры. Вялікае значэнне ў выхаванні дзяцей ён надаваў паэзіі. Ён аўтар кнігі “Другое чытанне для дзяцей беларусаў”, выдадзенай у 1910 годзе.
Выходзяць вядучыя з першай часткі
1.вядучы: 1912 год — першая сустрэча Якуба Коласа і Янкі Купалы. Жыў Якуб Колас на Нёмане, непадалёку ад вёскі Мікалаеўшчына.
Неяк раней ён паслаў Купалу пісьмо, запрасіў у госці, апісаў маршрут.Пазней Іван Дамінікавіч не раз успамінаў сваё падарожжа са Стаўбцоў да Смольні. Дарога была блытаная і “ большай часцю праходзіла лесам з рознымі адгаліненнямі дарог і дарожак управа і ўлева”.Сустрэча была цёплая і змястоўная.
2. вядучы:У 1912 годзе настаўнік Канстанцін Міцкевіч прыехаў з сям’ёй у Мінск.Янка Купала, які таксама не мала павандраваў, прыехаў сюды раней. З гэтага часу народныя паэты сустракаюцца надзвычай часта.Яны прысутнічаюць на розных нарадах, на сходах, прымаюць удзел у сесіях, вечарах, завітваюць адзін да аднаго ў госці, чытаюць вершы, іграюць у шахматы, спяваюць песні.Але нядоўгтмі былі цёплыя сустрэчы.
Паўза. Музыка “Свяшчэнная вайна”
3. вядучы: 1941 год.Вялікая Айчынная вайна. Спыніўся час, спынілася звычайная плынь жыцця з працай, з творчасцю, з маленькімі, але такімі каштоўнымі радасцямі…
4.вядучы : Беларусь была цалкам захоплена ворагам. Гэту трагедыю разам з усім народам перажывалі Янка Купала і Якуб Колас.
1 вядучы: Паэты сустрэліся ў Маскве, ахопленыя адным і тым жа клопатам напісаць зварот да беларускага народа. Гэты зварот да пакутнай беларускай зямлі, да яе жыхароў быў выпушчаны лістоўкамі.
2.вядучы: ( цытата) “Калі вораг сарве яблык, што паспеў у нашым садзе, то яблык разарвецца ў яго руках гранатай, калі ён сажне жменю цяжкіх каласоў, зярняты вылецяць і паб’юць яго свінцовым дажджом, калі ён падыдзе да нашых чыстых сцюдзёных крыніц, яны перасохнуць, каб не даць яму вады.Бейце разбойнікаў, дзе толькі можна біць, ганіце прэч з нашай зямлі… на змаганне, на перамогу, наш родны беларускі народ!”
З глыбіні сцэны выходзяць чытальнікі у вобразах( салдата, партызана, мірных жыхароў ) і чытаюць урыўкі з вершаў
1.чытальнік: О, каб я меў такія рукі,
Зямля, абняў бы я цябе,
Каб сцішыць гора тваё, мукі
І сілу даць у барацьбе!
2.чытальнік: Партызаны, партызаны,
Беларускія сыны!
За няволю, за кайданы
Рэжце гітлерцаў паганых,
Каб не ўскрэслі век яны.
1. чытальнік: Я чую голас несціханы—
Зямля мая мяне заве
І кроіць сэрца мне на раны,
Звініць, як звон касы ў траве.
2.чытальнік: Клічу вас я на пабеду,
Хай вам шчасцем свецяць дні,
Выразайце людаедаў,
Каб не стала іх і следу
На святой нашай зямлі.
3.чытальнік: І ўсё мне тут, дзе вокам я не кіну
Нагадвае аб жорсткасцях вайны
Знявечаны лясы, а парастак буйны
Жыве і тчэ спрадвечную тканіну
4 чытальнік. Я ведаю – загояцца ўсе раны,
З пажарышч край паўстане, расцвіце –
Ва ўсёй сваёй красе і паўнаце,
Наш верны шлях, ён з праўдай павянчаны.
---Музыка на тэмуВАв, чытальнікі выходзяць, на сцэне вядучыя
1 –вядучы: Але не суджана было дажыць Янку Купалу да светлага
дня Перамогі: 28 чэрвеня 1942 года паэт, незадоўга да свайго 60-гадовага
юбілею, трагічна загінуў.
(Слайд:Партрэт Я.Купалы)
---Песня “Малітва”
2 –вядучы: Не стала сябра, паплечніка Янкі Купалы. Якуб Колас з болем пісаў:
Спі, мой браце, спачывай –
Не забудзе цябе край.
Шмат сцежак з табою прайшлі мы,
Адзін пракладаючы след.
І слухалі голас радзімы,
Каб несці той голас у свет.
Спі, баяне, спачывай –
Не забудзе цябе край.
------Вучаніца чытае верш “Ля помніка”
Голас ціха схіляю ў скрусе,
Каля помніка ціха стаю.
Без Купалы няма Беларусі,
Хай паслухае споведзь маю.
Ты жыві, дарагая старонка,
Так, як марыў наш слаўны Пясняр.
І гучаць мілагучна і звонка
Вершы мудрыя з думаў і мар.
З запаветам Купалы згаджуся:
Нашай мілай Радзіме – цвісці!
І таму несупынна імкнуся
Кветку –папараць шчасця знайсці.
--- Гучыць песня “Спадчына” (пачатак), выходзяць усе вядучыя.
1 –вядучы: Янка Купала… Якуб Колас…
Спадчына, якую пакінулі народныя песняры, неўміручая.
Яны – паэты-праметэі. Іх мастацтва сёння дапамагае нам
Вытрымаць цяжкасці і пераадолець трывогі, знайсці кожнаму
свой шлях у жыцці. Яны – нашы сучаснікі, яны разам з намі.
2 –вядучы: Купала і Колас, вы нас гадавалі,
Вы звалі на волю
З цямноты, з прымусу,
Каб горда насілі імя беларуса;
Каб з ганьбай ніколі спіны не згіналі,
Каб цвёрда за праўду з братамі стаялі,
Каб сонца над нашай Радзімаю ззяла,
І Колас нас клікаў, і клікаў Купала.
Не раз пагражалі вам чорныя краты ,
Ды песня ў дарозе нідзе не прыстала,
Дык дзякуй Вам, Колас,
Дык дзякуй, Купала!
(П.Броўка “Купала і Колас, вы нас гадавалі”)
3 –вядучы: Спадчына Я. Купалы і Я.Коласа –
вытокі натхнення для кампазітараў, рэжысёраў,
мастакоў, скульптараў ( слайд: помнікі паэтаў у Мінску)
І ў дні адпачынку, і ў працы гарачай
На плошчы
Вас, любых, я бронзавых бачу;
Гляджу –
Не сагнула Вас , быццам, гадамі,
Спыняюся,
Схілюся і гутару з вамі.
4–вядучы: Адметнай ніткай вышыт час.
Ды ў Беларусі
Не ў цень сышлі – звіняць для Вас
Прызнання гуслі.
Гучыць паэзіі арган
Праз боль і сцюжы,
Кладу на вечнасці курган
Святыя ружы. (Я.Янішчыц “Ружы Купалы”)
--- Гучыць песня “Спадчына”(працяг)
--- Вядучыя кладуць ружы да партрэтаў